GSpay - iatp merchant account provider. Выгодная и надежная аренда серверов на ваших условиях.
 Кампанія па беларусізацыі айчынных тэлеканалаў

НАВІНЫ

27.04.2005

Міністэрмтва Інфармацыі супраць БЕЛАРУСІЗАЦЫІ.
У студзені МІ “Вока” пачала акцыю “БЕЛАРУСІЗАЦЫЯ ТБ”. Акцыя праходзіла шляхам збору подпісаў пад патрабаваннем “устанавіць для ўсіх беларускіх тэлеканалаў квоту на беларускамоўнае вяшчанне ў памеры не менш за 50% ад агульнага часу вяшчання”. Было сабрана больш за 1000 подпісаў, якія былі накіраваны ў Міністэрства Інфармацыі.
І вось атрыман адказ, у якім Міністэрства Інфармацыі “увядзенне квот на беларускую ці рускую мовы лічыць немэтазгодным”. У адказе таксама ідзе спасылка на Канстытуцыю РБ, дзе згодна з артыкулам 17 “дзяржаўнымі мовамі ў нашай краіне з’яўляюцца беларуская і руская”. Аднак міністэрства дадае, што “ў працэнтных адносінах ужыванне мовы ў дадзеным выпадку ў Асноўным заканадаўчым акце краіны не агаворваецца”.
Але МІ “ВОКА” не заканчвае акцыю. МЫ будзе праводзіць яе да таго часу, пакуль не будзе выканана наша права “на атрыманне інфармацыі на дзяржаўнай БЕЛАРУСКАЙ мове”

Алесь Жмачынскі


16.05.2005
З пачатку акцыі прайшло ўжо чатыры месяцы, але, нягледзячы на ўсе перашкоды, яна працягвае свой рух. Першая буйная партыя подпісаў неабыякавых да лёсу айчыннае культуры грамадзянаў (1000 экземпляраў) была адасланая міністру інфармацыі спадару Русакевічу па пошце, а адвезьці копіі па вядомай адрэсе Макаёнка, 9 давялося мне. Здавалася бы, якія могуць узьнікнуць праблемы пры такой банальнай працэдуры, як перадача невялічкае капэрты з аркушамі з рук у рукі, але...
Напярэдадні таго дню, калі я зьбіраўся занесьці подпісы старшыні БелДзяржТэлеРадыёкампаніі спадару Матвейчуку, я паспрабаваў дамовіцца пра сустрэчу па тэлефоне, але пасьля невялікае размовы з яго сакратаркаю, я быў вымушаны зтелефановывацца яшчэ і з намесьнікам старшыні, размова з якім таксама не дала мне магчымасьці дамовіцца пра прыватную сустрэчу. Намесьнік пераканаў мяне, што ў старшыні няма часу для такіх справаў, адно як яго няма і ў самога намесьніка, таму мне прапанавалі прынесьці капэрту на Макаёнка, 9, падпісаць яе для спадара Матвейчука і быць упэўненым на 100%, што яна трапіць да яго.
На наступны дзень я прыйшоў на БелДзяржТэлеРадыёкампанію і паспрабаваў пакінуць капэрту спадару за “гасьцявым столікам”, але ў мяне нічога не атрымалася. Пасьля зануднай і поўнай паўтораў размовы, мне было прапанавана пачакаць, пакуль прыйдуць ды забяруць капэрту (праўда, з абмоўкаю, што калі ня прыйдуць, то мне нічым не могуць дапамагчы). Дзесьці праз 15 хвілінаў зьявілася нейкая жанчына, убачыла подпісы і, нават не павітаўшыся, пачала на мяне крычаць, маўляў, як мы ёй дорагі, як мы іх дасталі і г. д. Я паспрабаваў ветліва спытаць, чаму яна мне ўсё гэта кажа, хаця я ячшэ акрамя “Добры дзень” ёй ні слова ня сказаў, але на мяне абрынулася новая хваля эмацыйных выразаў, якія зьвяліся да думкі, што, цытую, “Гэтыя подпісы вартыя таго, каб імі займаліся праваахоўчыя ворганы!”. Паслухаўшы яшчэ пару хвілінаў гэтыя “ласкавыя” словы, я сышоў і падумаў: “Чаму ў нас ніколі нічога нельга зрабіць па-культурнаму?!”

Алесь Мазанік


09.03.2005
Сабрана каля 1000 подпісаў. Гэта, зразумела, не тое чаго мы чакалі, але хоць нешта. Працягваем збіраць. Падыходзь на Варвашэні 8 і падпісвайся.


27-30.01.2005
Да акцыі далучыліся гарады: Беласток (Польшча), Брэст, Бяроза, Вілейка. Таксама далучылася ЗБС.

30.01.05
Моладзевая ініцыятыва “Вока” абвясьціла пра пачатак акцыі пад назваю “Беларусізацыя тэлебачаньня”. Яны намерваюцца дамагацца, каб у эфіры чатырох каналаў, якія існуюць у тэлевізійным эфіры краіны, гучала ня менш за 50% беларускай мовы. Гэта першы канал “Беларускага тэлебачаньня”, “Сталічнае тэлебачаньне”, “Агульнанацыянальнае тэлебачаньне” й “8-ы канал”.
Якім чынам арганізатары намерваюцца дамагацца сваёй мэты? Яны хочуць сабраць ня менш за 10 тысячаў подпісаў грамадзянаў і накіраваць іх кіраўніцтву кампаніяў і ў вышэйшыя дзяржаўныя ўстановы. Чаму й дзеля чаго гэта робіцца, адзін з арганізатараў Алесь Мазанік патлумачыў гэтак:
(Мазанік: ) “Гэтую акцыю мы робім дзеля таго, каб паказаць, што дастаткова людзей, якія зацікаўленыя ў разьвіцьці менавіта беларускай мовы і культуры. Мы вырашылі сабраць подпісы – можа й ня самы лепшы варыянт, але самы дэмакратычны. І гэта пакажа, што такія людзі ёсьць”.

Як вядома, сябры руху “Вока” нядаўна арганізавалі спробу беларусізаваць MTS і FM-радыёстанцыі. А менавіта – патрабавалі стварыць беларускамоўны інтэрнэт-сайт і павялічыць колькасьць беларускай музыкі ў эфіры. Якім ёсьць вынік гэтых намаганьняў?

Паводле актывістаў руху, у службу MTS было пададзена каля дзьвюх тысячаў подпісаў, і там частку сайту ўжо зрабілі беларускім. Паабяцалі яго дапрацаваць і стварыць магчымасьці для беларускамоўных SMS-паведамленьняў.
З FM-радыёстанцыямі вынік быў значна горшы. Многія ды-джэі адмаўляліся ставіць у эфір беларускія кампазыцыі, а кіраўніцтва многіх станцыяў заяўляла, што яны ўвогуле ня маюць такіх запісаў. Але й маладзёны не намерваюцца адступацца й цяпер хочуць зьвярнуцца да ўсіх беларускіх музыкаў з просьбай падараваць ім свае кампакт-дыскі, каб затым перадаць іх кожнаму FM-радыё.
Што кажуць арганізатары пра свае спадзяваньні на станоўчы выніку акцыі за “Беларусізацыю тэлебачаньня”? Паводле іхных словаў, нават калі вынік будзе й мізэрны, акцыя ўсё ж мае сэнс. Рэч такая, што да ўдзелу ў гэтай працы яны намерваюцца прыцягнуць сяброў многіх палітычных партыяў. Да прыкладу, да іх ужо далучыўся Малады Фронт й партыя БНФ. Папярэднюю згоду выказалі таксама Задзіночаньне беларускіх студэнтаў, “Зубр”, Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская партыя Свабоды.
(Мазанік: ) “Мы ставім мэту аб’яднаць усе нашыя рухі, каб зрабіць нешта канкрэтнае. Мы ведаем, што гэта патрэбна ня толькі нам, гэта патрэбна ўсім. Паглядзім, чым гэта ўсё скончыцца. Але ведаеце, калі нічога не рабіць – гэта ж горш”.

Галіна Абакунчык/Radio Liberty


28.01.05
27 студзеня на сядзібе Таварыства беларускай мовы павінна была адбыцца прэзентацыя маладзёвай акцыі “Беларусізацыя ТБ” ці, другімі словамі, прэсс-канферэнцыя для журналістаў, але, на жаль, цывілізаванага мерапрыемства не атрымалася, прычым не па віне Маладзёвай ініцыятывы “Вока”. Першай нечаканасцю вышэйназванага дня было тое, што ў пазаначаны ў запрашэннях час (17.00) на сядзібу прыйшлі толькі двое журналістаў з запрошаных больш чым 20-ці айчынных выданняў: ад незалежнага інфармацыйнага інтэрнэт-выдання Краіна.by, а таксама быў прадстаўнік “камсамолкі”; не магу не адзначыць, што з “Радыё Свабоды” загадзя затэлефанавалі і перанеслі сустрэчу.
Прыблізна хвілін праз 15 журналіст з “камсамолкі” папрасіў дазволу зрабіць некалькі здымкаў на фоне “вокаўскай” расцяжкі, і я разам з ім сталі шукаць, як замацаваць расцяжку, каб яе не трэба было камусьці трымаць. Раптам абедзве дзверы, якія вядуць у памяшканне дзе журналісты ды “вокаўцы” знаходзіліся (акрамя мяне прысутнічаў таксама яшчэ адзін каардынатар МІ “Вока” Віталь Дабранач), адчыніліся, і да нас зайшлі некалькі маладых хлапцоў спартыўнага выгляду ды старшыня ТБМ Алег Трусаў, які адразу запытаўся, што мы тут робім. Я яму растлумачыў, што журналіст хоча зрабіць некалікі здымкаў з прэсс-канферэнцыі, на што спадар Трусаў адказаў, што ён не даваў згоды ні на якую прэсс-канферэнцыю. Гэтыя словы выклікалі ў мяне сапраўдны шок, так як я асабіста некалькі разоў дамаўляўся наконт памяшкання менавіта для гэтага журналісцкага мерапрыемства і менавіта са спадаром Трусавым, прычым апошняя размова па вышэйназванаму пытанню мела месца позна ўвечары 26 студзеня!
Пасля гэтага спадар Трусаў убачыў нашу расцяжку і заявіў, што трэба скончваць з нашым дзіцячым садам і выставіў нас разам з журналістамі з ТБМ. Праўда, гэта не парашкодзіла мне правесці невялікую прэсс-канферэнцыю на вуліцы, а журналістам зрабіць фотаздымкі.
Дарэчы, Таварыства беларускай мовы не падтрымала акцыю “Беларусізацыя ТБ”, саслаўшыся на тое, што яно не можа дзейнічаць супольна з незарэгістраванай ініцыятывай, а факт таго, што беларускае заканадаўства не патрабуе абавязковага рэгістравання ініцыятываў, не пераканаў кіраўніцтва ТБМ.

Алесь Мазанік, каардынатар маладзёвай ініцыятавы “Вока”.


21.01.2005
Да кампаніі далучыліся партыя "БНФ" і "МАЛАДЫ ФРОНТ"


20.01.2005
Пачалася акцыя "Беларусізацыя ТБ"


13.01.2005
На паседжанні каардынатараў МІ "ВОКА" было прынята рашэнне аб правядзенні акцыі "Беларусізацыя ТБ". Акцыя накіравана на павялічэнне беларускай мовы ў эфіры беларускіх тэлеканалаў.


Навігацыя
Рассылка
Лічыльнікі

Rating All.BY
Каталог TUT.BY
© Беларусізацыя ТБ    Хостынг прадастаўлены www.iatp.by

© МІ "ВОКА" 2005